Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА НЕЗАБЫТОЎСКАГА

(2.10.1819-21.03.1849)

Мары пра каханне, славу і свабоду
Для цябе, як лекі, хвораму ў турме.
І ты верыш: свечку нехта ў Храме ўпотай
За цябе паставіць, вецер не задзьме,

Як не знішчыць мары, мары аб свабодзе,
У людзей, што сёння, нібы на крыжы.
Сонца ў хмарах, як твой край у снезе й
лёдзе.
Да вясны далёка і не ўсім дажыць.

Ты адзін у камеры, з табой адзіным
Гаварыць тут нельга, бо крамольшчык ты.
Страшная крамола-любіш ты Айчыну,
Хочаш, каб Айчыну як і крыж святы

Не трымалі ў брудзе, а ў душы-як Храме,
У якім і слёзы, у якім і спеў.
І не трэба нам чужынцаў, бо мы самі
Разбяромся дома, дзе ў нас дом, дзе хлеў…

Мары пра каханне, славу і свабоду,
І твая душа ўжо болей не ў турме.
Плача свечка. Нехта смела, а не ўпотай
За цябе паставіў. Вецер не задзьме…

24.05.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА АЛЯКСАНДРА НЕЗАБЫТОЎСКАГА - Віктар Шніп