Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Балада

Цячэ з рассечыны бярозавай
гаркавы, нібы матчыныя слёзы,
празрысты, як бруістая крыніца,
сок-крывіца.
Мяне даймае стынню вечаровай.
…Здаецца, нехта стогне,
нехта плача –
так жаласліва, па-дзіцячы,
а то – і ціха, і бязмоўна…
Як быццам просіць дапамогі.
А я – знясілены з дарогі –
прыпаў без змогі, у здранцвенні,
да той бярозкі, да карэння.
І чую: праз сувой стагоддзяў
таемны голас слых лагодзіць:
“Хлапчына добры, пакляніся,
што зможаш ты мне пакланіцца…
бярозцы гэтай, як каханай,
людзьмі і Богам занядбанай.
Ды толькі – ранняю парою…
З расою, з зорамі, з зарою…
І так тры дні. Ці чуеш ты,
хла-а-пчы-ы-на?..
І стану я –
князёўнаю-дзяўчынай!
А не –
марнець бярозкай мне
з ліхое волі…
І не спаткацца з любым
аніколі…”
І голас сціх, замёр.
Адзін залётнік вецер
палошча, як шацёр,
бярозкавае вецце.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Балада - Васіль Рагаўцоў