Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ГЕНАДЗЯ КІСЯЛЁВА

(19.03.1931-14.11.2008)

Яшчэ не выпаў снег на шэрыя палі,
А твой касцёр прыціх, каля якога мы
Ніколі не баяліся вятроў зімы,
Бо мы ў наш час каля кастра з табой былі.

І ты шукаў, і ты знаходзіў і казаў,
Што мы-народ і нам Еўропа-родны дом,
Дзе месца наша ёсць і будзе за сталом,
А не на вуліцы, дзе снег ужо схаваў
Усё, што мог ад нас за два вякі схаваць.

Снягі й цяпер на нашыя шляхі ляцяць,
Не засыпаючы высокіх шэрых траў,
Што выраслі сярод камення і крыжоў,
Дзе крыж і твой не знікне ў снезе і ў траве,
Бо мы тут ёсць і наша Беларусь жыве,
Якую ты шукаў, якую ты знайшоў,
Як той касцёр у полі, ля якога мы
Былі з табой і не баяліся зімы.

І пройдзе снег, бо ты цяпер свой шлях
прайшоў,
Пакінуўшы вуголле беларускіх слоў,
Дзе ёсць Надзея, Вера і Любоў…

14.11.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ГЕНАДЗЯ КІСЯЛЁВА - Віктар Шніп