Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА АРЦЁМА ВЯРЫГІ-ДАРЭЎСКАГА

(4.11.1816–1884)

“З Беларушчынай не развітаўся.
Гэта мой ідэал,”– ты пісаў
І праз ночы душою вяртаўся
У той край, дзе раса, як сляза,

У якой патанае былое
І ўсплывае на снезе крывёй
Тых паўстанцаў, што шчасце зямное
Не ўяўлялі без волі і ёй

Аддавалі сябе, як даніну
За адвечную веру, што ў нас
Будзе лепшая ў свеце краіна,
Хоць далёка краіны той час.

І той час сам не прыйдзе ніколі.
Да яго трэба йсці праз вятры,
Праз завеі, праз чорнае поле
І за тры залатыя гары.

І начамі халоднымі ў скрусе
Ты пісаў пра зажураны свет
І цябе, Вайдэлот Беларусі,
Называлі гаротнікі ўсе.

І, калі ў цябе Бог запытаўся:
“Развітаўся з жыццём?”,
сказаў ты:
“З Беларушчынай не разбратаўся.
Гэта мой ідэал назаўжды!”

31.07. 2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш БАЛАДА АРЦЁМА ВЯРЫГІ-ДАРЭЎСКАГА - Віктар Шніп