Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Палессе

За буйнай ракою я бачу Палессе,
Хвалюецца сэрца ўнутры.
Аднекуль пачуў мілагучную песню:
Палесся пяюць жыхары.

У вёсцы гучыць паляшуцкая мова,
Задорны мясцовы народ
Заўсёды сустрэне гасцей добрым словам,
Гасцей возьме ў свой карагод.

Буслы тут амаль што на кожнай хаціне
На дахах у гнёздах сядзяць,
І сонечным водбліскам недзе ў нізіне
Балоты яскрава гараць…

Блакітнае неба спрадвечна над краем,
Тут з песняй працуе народ;
Заўсёды гасцей з цеплынёй мы вітаем,
Гасцей возьмем мы ў карагод.

Паўсюль тут, як неба, блакітныя вочы
І чыстыя, быццам раса…
Рака застывае пад купалам ночы,
Пакрытая зоркамі ўся…

Застукае сэрца: ізноў на Палессі!
Гучыць разам з песняй той стук,
Плыве ў небакрай мілагучная песня:
Пяе мой браток паляшук.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Палессе - Кірыл Азімка