Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Закружыла восень залатая

Закружыла восень залатая
сонечнай лістоты карагод.
Цёплы поўдзень журавоў склікае:
– Гэй, хутчэй, крылатыя, ў палёт!

Вецер з поля холадам шугае,
раніцамі ўжо – тумана бель
поплаў беражліва ахінае,
спіць у астрах адзінокі чмель.

Хмараў чарада над небакраем,
ціха бор задуманы стаіць.
Срэбнай хваляй Лань – рака лясная –
тчэ узора восеньскую ніць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Закружыла восень залатая - Пятро Чабор