Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Залатая, асенняя раніца

Залатая, асенняя раніца!
Хараством ты на свеце адна.
Сонца ў пушчы глыбокай купаецца
і ніяк не дастане да дна…

Мітусіцца лісцё па аселіцы,
як дзвіна матылькоў-мітульгі.
І узвее яна, і пасцеліцца,
распаветрыцца на берагі.

А яны, берагі беражыстыя,
не стрымаюць асенні напеў.
І ліецца, віецца сукрысты ён,
і разгортваецца каля дрэў.

Прытулі, прыхіні на апошняе
і згадай гэты дзень залаты,
што над пушчай, згалелымі пожнямі
рассыпаў залатыя лісты.

Рассыпаў і раскідваў прыгоршчамі
на акрасу, на жаль, на ўспамін.
Развітальная хвіля найгоршая,
яна можа і сэрца спаліць.

Не бядуй, не гаруй – пад цяжарамі
мне не йсці, шчасця ў іх не шукаць,
з-за балота мігціць, за выгарамі
прамяніцца пярэстая гаць.

Не гаруй! Ты дарэмна заплакала:
я прыйду, я вярнуся ізноў.
Лёс для ўсіх не бывае аднакавы,
як для тых засмучоных лістоў.

Залатая, асенняя раніца!
З хараством, з пекнатою – бывай!
Ужо сонца за пушчу хаваецца,
кармазынам гарыць небакрай…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Залатая, асенняя раніца - Уладзімір Дубоўка