Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Ноч і раніца

1

Стаю адзін над папялішчам,
Не мною спаленых надзей,
Стаю,
Як лішні,
Што ў схіме доўга сірацеў.

Мне аплявух мой лёс навешаў.
Маўклівы змрок.
Ні маяка,
І ні адзінай галавешкі,
І ні малога вугалька…

Хоць ты, сляза,
Магла б спазніцца.
Маршчыню лоб,
Трымціць рука,
Якой хацеў злавіць сініцу
І нават песню жаўрука.

Трымціць рука,
Што нож сціскае.
А храпы чуюць кроў душы…
Скажы мне, свет,
Каму цікава,
Што верш да песні не дажыў?

2

Я многа думаў над гадамі
І разумець пачаў:
Мне ставяць мат
Трыма хадамі,
Калі ў душы маёй адчай.

І вось святлее над падушкай,
Дзе столькі попелу было:
Над галавой маёю
Птушка
Мяне абмахвае крылом…

Ляці, ляці,
Мой добры фенікс
Маіх абноўленых надзей…
Былы адчай –
Да гэтай фені!
І не прамовіць карацей.

Я зноў бадзёры,
Свежы,
Лёгкі,
Што можна горы барукаць.
Дзень добры,
Раніца ў аблоках!
Маё жыццё –
Ў маіх руках.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ноч і раніца - Віктар Стрыжак