Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Спеў маёй душы

На шляху раптам прыпынюся
У вясновых дзівос пару.
Пра красу роднай Беларусі
З-пад нябёсаў спяе жаўрук.

Пеючы ў вышыні адрання,
Ты сябрам шчыра раскажы:
– Беларусь – край майго кахання!
Беларусь – спеў маёй душы!

… А калі восень падаспее,
Адлятаць зладзіцца жаўрук.
Што ж, ляці! Ды вяртайся смела
На радзімы мурожны луг!

І на ўсім дальнім вандраванні
Празвіні з кожнае мяжы:
– Беларусь – край майго кахання!
Беларусь – спеў маёй душы!

… Небасхіл азірні, малеча,
Што жаўрук песнямі дзівіў.
Раскажу, як жылі спрадвечча
Менчукі на сваёй зямлі,

Як яны мроілі вякамі,
Каб і ты тут сумленна жыў,
Шанаваў край майго кахання,
Бараніў спеў маёй душы.

Я хачу, як спакон вялося,
Каб ты бачыў, мой любы ўнук,
Што табе ў свеце засталося
Ад маіх ад мазольных рук.

А калі прыйдзе час растання,
На сівым камні напішы :
– Беларусь – край майго кахання!
Беларусь – спеў маёй душы!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Спеў маёй душы - Сяргей Суконнаў