Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Маёй краіне

Людзі кажуць, што яе няма.
Змаганні нашыя, пакуты – усё дарма.
Няўжо нікому непатрэбная твая
Такая родная, спрадвечная зямля?

Прабач пакорлівасць свайго народа.
Даўно ў яго маскальская хвароба.
Ты памятаеш дзевяноста пяты год,
Калі цябе схапіў чужы народ.

Чужы! Варожы! Бітваў шмат з ім мелі,
А зараз самі сталі на калені.
У тысяча пяцісотыя гады
Ракой лілася кроў, палалі гарады…

Ты ведаеш, народ твой шмат цярпеў.
Але заўсёды ён надзею меў,
Людзей выдатных, змагароў-герояў
За незалежнасць, за народа волю.

Ты памятаеш, край, у гадоў натоўпе
Калісь ты быў магутнейшым у Еўропе.
А зараз дзе ты? Што з табою стала?
Амаль нікога не хвалюе гэта справа.

Маленечкае ёсць на мапе месца,
Што Беларускаю Рэспублікай завецца.
Нядаўна яна стала незалежнай,
Але папраўдзе гэта толькі знешне.

Наша Літоўска-Беларуская краіна,
Мы верым: ты не станеш успамінам.
Ты ёсць, ты назаўсёды ў нашым сэрцы,
Мы тыя, хто не дасць табе памерці.

Не плач, краіна, мы цябе не кінем.
Няшмат нас, але зможам, не загінем.
Калі цябе няма – няма і нас.
Мы будзем спадзявацца, прыйдзе час,

Калі ты станеш вольным, светлым краем
І будзем шанаваць мы ўсё, што маем:
Цябе, Радзіма, любая, святая,
Ды мову нашу, што ледзь-ледзь жывая.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Маёй краіне - Тутэйшая