Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове




Верш Браточкам-беларусам



Родам я не з Рыо-дэ-Жанейра,
Пачуццём – не грэк, не азіят.
Пераняў славянскую манеру:
Праўду ў вочы – горка хоць – казаць.

Вырас я не ў штаце Каларада,
He на здобных булках і бабах.
Вязнем стаў я дзедавага саду
I зямлі ў акопах і дубах.

Вязнем стаў без ценю на спакусы,
Дзе ў валошкі вышыты абрус,
Дзе жывуць браточкі-беларусы,
Дзе ў жытах – краіна Беларусь.

Дзе ў матулі – студня і святліца,
Таямнічы прыцемак акон…
Я прыйду сюды, каб памаліцца,
Каб народу свой аддаць паклон.

Як ён змог і вытрымаць, і выжыць?!
Многім пазайздроснікам няўцям,
Як ён здолеў залацінкай вышыць
Шлях спаконны ў зборніку жыцця.

Ён і сёння са слязой і чаркай
Ноч палітыкуе давідна,
I спрабуе з горыччу цыгарнай
Сённяшняе з даўнім параўнаць.

Мой народ – пясняр і летуценнік,
Хлебароб, цясляр і пчалавод…
Веру: ты не станеш на калені,
Мой глухі, разбуджаны народ!





1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Браточкам-беларусам - Кастусь Цыбульскі