Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Да мамы…(маёй роднай вёсачцы Градзянка)

Да мамы…(маёй роднай вёсачцы Градзянка)
*******************************************
– Да мамы хутчэй! – разагнаўся цягнік.
– Да мамы! – спяваюць колы.
З адзіным вагонам цягнік-чараўнік…
А дзень нарадзіўся вясёлы.

І сонейка ззяе ў блакіце нябёс,
І птушкі шчабечуць пяшчотна.
Я еду туды, дзе пачаўся мой лёс.
Дзе лес падступае да плоту.

Дзе песціў вясёлкаю сонечны май,
Люляла калыску завея.
Бурліла крыніца жыцця цераз край,
А зараз… я не разумею…

Забітыя вокны, на градах бур’ян.
Суседзі паснулі навечна…
Няма эстакады, кудысьці знік кран.
І згорбіла вёсачка плечы…

Ні фермы, ні школы… Пякарні няма…
Сталоўка і тая згарэла…
Я твараў знаёмых не бачу амаль.
Ад болю нібы анямела…

І мама, і тата, і з бабкаю дзед
Сышлі назаўсёды ў зямельку,
Ў душы незабыўны пакінуўшы след…
…Ні Волькі, ні Шуркі, ні Фэлькі…

Да іх на спатканне ідзём удваіх
За рукі ўзяўшыся, з братам.
І ветрык гуллівы на момант прыціх,
Прысеўшы на коміне хаты…
4-5.04 – 2016г. (пасля паездкі ў Градзянку)

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Да мамы…(маёй роднай вёсачцы Градзянка) - Лёля Багдановіч