Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мова роднай хаты

Мова роднай хаты

Лупцавалі не раз беларуса-скарыся!
І турмою палохалі пан і паняты.
Толькі лепей застацца без волі і хаты,
Чым ад мовы свае адрачыся.

А над намі цяпер плётка пана не свішча.
Толькі з мовы сваёй робім мы папялішча…
На каго крыўдаваць і вініць каго будзем,
Калі матчыну песню мы страцім, забудзем?

Супраць рускае мовы нічога не маю,
Галаву перад ёю я нізка схіляю.
Але ёсць на зямлі край да болю любімы,
Толькі ў ім па-сапраўднаму будзеш шчаслівы.

Дык, скажыце, чаму ў гарадах беларускіх
Большасць надпісаў-шыльдаў чамусьці па-руску?
Быццам роднае мовы зусім там не маюць,
Як замежную, у школах яе вывучаюць.

Калі шчыра, дык толькі ў мясцінах вясковых
Чуем мы мілагучную родную мову…
Але едуць у горад вучыцца дзяўчаты
І з сабой не бяруць мову роднае хаты.

Бо прызналі яны: не прэстыжна, не модна
Везці ў Мінск яе, Віцебск, у Брэст альбо Гродна.
У вучылішчах, школах і ў садзіках новых,
Не пачуеш амаль свае роднае мовы.

Бо ўсхваляючы любы свой край беларускі,
Усе пішуць, чытаюць чамусьці па-руску.
Мова родная ўсім нібы падчаркай стала,
Быццам людзям яе шчырых слоў не хапала.

…Калі крылаў няма-не ўзляціць увысь бусел,
Калі мовы няма-няма нас, беларусаў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мова роднай хаты - Ніна Кавальчук