Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Шэрыя хаты, платы і вароты

Шэрыя хаты, платы і вароты, –
белая ноч на дварэ.
Нешта лучына не хоча гарэць
роўна пад шум калаўроту.

Цеста, схіліўшыся, месіць старая
з жытняй мякінай ў дзяжы.
– Хоць бы да першых растопаў дажыць! –
хворы на ложку ўздыхае.

Дымам счарнелыя бэлькі заслала.
З патрэп’я сцеліцца пыл.
Поўзаюць ў шчэрбінах печы клапы…
У рамках сумуе Купала…

А у кутку абразы цудатворцаў,
чорных ад дыму, сляпых.
Б’е ім паклоны за дождж, за снапы
ноччу старая да сонца…

Мала змянілася, вёска мая ты!
Болей мо’ трохі лапцей,
болей на плечах старых і дзяцей
голага цела і латаў…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Шэрыя хаты, платы і вароты - Максiм Танк