Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзьверы, замкнёныя на ключы

Старая страціла розум. яе стары
хутка губляе зрок. і слых. на ўсё навакольле
па тэлефоне намякае на рознае. нумары
з большага выпадковыя.

Зрэдку дазваньваецца дачцэ. дачка
зрываецца з працы, прылятае ў вёску,
прыбіраецца ў хаце, просіць яшчэ пачакаць.
болей нічога ня просіць.

Гатуе старому. ўздыхае. кладзецца спаць,
ёй падоўгу ня сьпіцца. такое гора:
усё-такі ж маці.
ранкам моўчкі з’язджае ў горад.

Старая бачыць сябе маладой. пазнае
старога, дачку, вядоўцу з тэлепраграмы.
дзіўна глядзіць на ўнукаў. яны на яе
таксама.

Старасьць ня лечыцца. кажа сваяк,
урач з абласной бальніцы.
ён, улічваючы гэты факт,
браць на сябе адказнасьць баіцца.

Увечары дзьверы замкнёныя на ключы.
стары чытае ўслых, пераказвае байкі.
радыё па начох маўчыць. увогуле ўсё маўчыць,
акрамя сабакі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дзьверы, замкнёныя на ключы - Віталь Рыжкоў