Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Казімір Сваяк

КАЗІМІР СВАЯК

Весачка Барані – за барамі –
Мілая радзімка Сваяка,
Дзе ўзяла пачатак свой уранні
Слынная жыцця яго рака.

Слухалі тут белыя бярозкі
І пачуў нарэшце белы свет,
Як з чароўнай Музай-беларускай
Шчыра размаўляў Сваяк-паэт.

Моў прыгожых ёсць на свеце многа,
Ды найпрыгажэйшая – свая.
Як на беларускай мове з Богам
Годна размаўляў святар Сваяк.

Колькі гора наш народ пабачыў,
Колькі здзекаў люд наш перанёс!
І маё часамі сэрца плача,
Што такі у роднай мовы лёс.*

Толькі ўсё ж я скрусе не скаруся:
Ёсць яшчэ на свеце сваякі,
Што ўтрымаюць гонар беларусаў. –
Жыцьме Беларусь вякоў вякі!..

* “Пішу, бо сэрца плача” – радок з верша Казіміра Сваяка.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Казімір Сваяк - Станіслаў Валодзька