Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Сонцавіт

Свеце мой, не ляці ў бяздонне.
Свеце мой, азірніся – чуеш?
Недзе ў Жывы святой на ўлонні
Сонцавіт малады начуе.

Свеце мой, не крані маною
Сонцавітавы песні-крылы.
Над зямлёй, нада мной анёлаў
абярожная літасць-міла.

Свеце мой, ночадзеню любы!
Валадару смугі й ясноты.
He аддай, не прадай на згубу
Сонцавітавай дрогкай ноты.

Свеце мой, узыходны раю,
паступае сумніў да сэрца.
Жах на роспачным хісткім краі,
на сумежжы любові й смерці.

Свеце мой, Краю мой балесны,
мой адзіны праўдзівы Божа,
Сонцавітавай гордай песні
хай цямнота-пустэль не зможа.

Свеце мой, не згарай у крыўдзе.
Адары маю сцежку верай.
Сонцавіт не заблудзіць, прыйдзе –
разнасцежу насустрач дзверы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Сонцавіт - Антаніна Хатэнка