Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш “Ружа”

А ці міг, ці век – не знаў ніхто там,
Колькі моўчкі праляжалі мы
На краі сыпучага сумёта
Пасярод марознае зімы.

Толькі раптам лютаўская сцюжа
Адступіла быццам, адлягла.
Чую і не веру сам я – “Ружа”:
“Ой, расцвіла ружа, расцвіла…”

Азірнуўся: ціха ў задуменні
Сам сабе спявае зампаліт.
Слухаем. І нікне поўнач ценем,
Іншыя ўстаюць хлапцам палі.

Случчына каму, каму у песні
Амсціслаўшчына яго ўстае,
Мне ж – рачэнскі край, маё Палессе,
Вербы, вочы ясныя твае.

І узбек, сусед мой, вочы мружыць
(Што ён прыгадаў у той цішы?),
Слухаў, слухаў і ўсміхнуўся: “Ружа.
Ружа, – зноў ён паўтарыў, – якшы”.

І да самае атакі потым
Больш не думалі аб сцюжы мы
На краі сыпучага сумёта
Пасярод марознае зімы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш “Ружа” - Алесь Жаўрук