Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Вяртанне

У вечаровай зыбцы цішыні
задумліва зямля калыша стому.
Святая ноч запальвае вагні –
я з выраю вяртаюся дадому.

Пра што са мной гавораць курганы –
у гэтым свеце не чутно нікому.
He паланянкай хіжае маны –
я вольнаю вяртаюся дадому.

Малюся вам, адвечныя муры,
дубам-асілкам, бальшаку старому.
…Душа мая на жэглішчы гарыць,
зняможана вяртаецца дадому.

Царква пад белай наміткай вякоў.
Ідзе настрэчу гордая Рагнеда.
Балюча слухаць змову чужакоў.
Балюча праўду Бацькаўшчыны ведаць.

Пакутна йсці насуперак мане
па вострым краі чорнага разлому…
Сварожа-Божа, зберажы мяне –
вядзі дарогай светлаю дадому.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вяртанне - Антаніна Хатэнка