Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш НЕСУЦІШНАЕ

Над згорбленым хмызняком,
па-над мітуслівым полем
ляціць радок за радком,
прасякнуты шчырым болем.

Пра боль я кажу таму,
што сілы глядзець на здзекі
няма, што радку майму
балюча за чалавека.

За тых, хто псуе заўжды
жыццё з-за пашаны праўды,
за тых, хто цішэй вады,
а ў сэрцы змагар сапраўдны.

За тых, хто бясследна знік,
за тых, хто адвечны вязень,
за тых, чый гаротны крык
зусім не ва ўсіх на ўвазе.

За тых, хто сваіх сыноў
аднойчы не дачакаўся,
але кожны дзень наноў
з дурным пачуццём спрачаўся.

(Ад болю таго лягчэй
не стане ніколі маці,
загіне яна хутчэй,
чым здрадзіць свайму дзіцяці).

Балюча за тых, хто меў
мазгі, ды не меў пашаны,
бо лгаць ніколі не ўмеў,
бо век не цярпеў падману.

За тых, хто наш родны край
заўжды бараніў ад гвалту –
ды страціў усё, бадай,
за тое, што быў упарты.

За тых, хто й цяпер ідзе
праз церні да зорак волі
па пекле ды па вадзе.
І мо не дойдзе ніколі…

За тых, хто прыйшоў у клас,
а там ім на дошцы пішуць,
хто Першы Змагар у нас…
Ці ж можна той боль суцішыць?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш НЕСУЦІШНАЕ - Павел Надольскі