Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Званы – б’юць!

ЗВАНЫ – Б’ЮЦЬ!

Жахалі жудасна стронцыя стрэлы,
Плоймы агню – увысь, да нябёс.
Толькі нікога на свеце цэлым,
Хто змог бы паслаць адчайнае SOS!

Зямля жывая – жывой гарэла.
І той, хто ступіў на яе, – не знаў,
Што мірны атам – мёртвае цела –
З цела жывога душý смактаў.

Змог бы рэактар, шпурляючы плазму,
Ўсім даць адказ – за што і каму…
Толькі вось радыяцыйная спазма
Сціснула горла яму.

Быццам вампір ці якая пачвара,
Помсліва-злая ў істоце сваёй, –
Легла Чарнобыля чорная хмара
На Беларусі маёй.

Гэта не проста ад Бога кара
І абяцанае “аз уздам”…
…Той, хто прымусіць ісці да Анчара, –
Ведай: загіне і сам.

Час наш такі – бессардэчны, закляты.
Нават у страшнай бядзе
Не распазнаць – дзе ахвяры, дзе каты,
Грэшнік і праведнік дзе.

Ўсіх ураўняла гора часіна,
Ўсіх падмяла пад сваё крысо.
Маці ратуе ад смерці сына –
Ды не тупее смерці лязо.

І ці то ў роспачы, ці у адчаі
Ў свеце паўсюднай уладнай маны
Голасам гучным з краю да краю
Чуеш? – Чарнобыля б’юць званы.

А са святых алтароў і нішаў
Мала-памалу сыходзіць пыл…
Людзі! Няўжо мы адно напішам
Белай крывёю Чорную Быль?!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Званы – б’юць! - Валеры Максімовіч