Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Недзе салавей пяе ў дуброве

Недзе салавей пяе ў дуброве.
Недзе рэжа хвалі цеплаход…
Кніга вандраванняў і любові,
Я пішу цябе з юнацкіх год.

Вандраваць пачаў я над Бярозай
Пад гамонку ціхую лясоў.
Радугі стаялі ў вербалозах
Між птушыных светлых галасоў.

На капе ляжаў да зорак тварам,
Пра краіны казачныя марыў.
З той пары, з начэй тых задуменны
Мне здаецца, зоркі пахнуць сенам.

Як даўно было ўсё гэта…
Зараз
Коцяцца клубкі дарог за мной
З тлуму тэгеранскага базара
I ад цішыні фінляндскіх хвой.

Бачыў шмат –
I Эйфелеву вежу,
Спёку Рыма і Эльбруса лёд.
Тысячы зямных дарог і сцежак
Праз мяне прабеглі навылёт.

Думаў я, малы, калісь з трывогай,
Як да рэк славутых мне дайсці.
Праплылі праз сэрца Дон і Волга,
Сена і Дняпро, Дунай і Цібр.

Я стаміўся ездзіць і здзіўляцца
(Хоць, прызнацца,
Ёсць на што глядзець).
Беларусу і ў Парыжы сняцца
Белізна бяроз і сосен медзь.

Я чужой зямлі не зычу ліха.
Гід, канчай, над вухам не трашчы!
Ліцеся сягоння ціха, ціха,
Родныя зялёныя дажджы.

Ясна ўсё.
I сам сабе кажу я:
Працаваць, пакуль хапае сіл,
Тут, дзе перашытыя кашулі
З бацькавых плячэй малым насіў.

Салавей пяе ў маёй дуброве,
Растрывожыў песняю душу…
Кнігу вандраванняў і любові
Між лясоў я родных дапішу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Недзе салавей пяе ў дуброве - Пiмен Панчанка