Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Малады салавей

Вясною маладзенькі Салавей,
Што толькі летась апярыўся,
Пачаў спяваць усё гучней
I добрым спеваком зрабіўся.
Размоў нямала пра яго было, –
Сапраўднае мастацтва у пашане, –
Не жарты, маладое дараванне
Ва ўсёй сваёй прыгожасці ўзышло!
Расла, як на дражджах, яго сяброўка – слава:
Абы ён праспяваў, з бакоў усіх
Крычалі: “Біс!”, “Выдатна!”, “Брава!”
Прыхільніц ля яго з’явілася арава:
Былі усякія між іх –
Ад маладых Сініц аж да старых Варон.
Што дзень, то ў чэсць яго абед,
Што вечар, то банкет.
Заганарыўся ён,
Адзіным стаў лічыць сябе на свеце,
Спяваў, гуляў
I не прыкмеціў,
Як нейкі там Жаўрук яго перасвістаў.
I слава сябраваць з ім перастала,
Усе прыхільніцы разбегліся памалу, –
Яны цяпер ужо ля Жаўрука.
А Салавей заглух. Майстэрства спевака
Нібы карова языком злізала.

Не аднаго на свеце мастака
Зазнайства загубіла.
Яно для таленту – магіла.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Малады салавей - Уладзімір Корбан