Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Зіма на бацькаўшчыне

Дзень цэлы плавалі вятры
Над восенню палёў бязмежных,
Пад вечар снегам завірыў
Спазніўшыся кудлаты снежань.
Ён ахінуў стагі лугоў,
Як верацёны, снежнай воўнай,
З-пад Налібок, з балот, лясоў
Плыты ільдзін пагнаў па Нёмну.
Ён хвалі дрэмлючай раллі
Рвануў за вараныя грывы, –
I ажылі, і паплылі
На бор уздыбленыя нівы.

Але навалу хмар цяжкіх
Стрымалі выгнуўшыся хвоі.
Адно па соснах залатых
Узнялося полымя сівое,
У змрочных лапках зацвіло,
З бяроз успыхнуўшага вецця
На сухастой, на буралом
Яго панёс аслепшы вецер.
Збудзіўся нетраў цёмны гул,
З лагоўяў воўчых і выкопаў
Папоўз па свежаму снягу,
Па выбітых руёю тропах.

Зіма… Ад інею вішняк
Перахіліўся за парканы.
I не мінеш яго ніяк,
Кранеш – і цветам серабраным
Асыпе з галавы да ног.
На дзеннікі вароны стадам
Лятуць з прасёлачных дарог.
Іх цень плыве праз палісады,
Дзе ўсё, як вогнішча лістоў,
Замёў снег свежы, сшаранелы,
Дзе першых заяччых слядоў
Глухія петлі забялелі.

Калі-ж, вячэрняю парой,
За вёску выйдзеш на прыволле,
Цябе сустрэнуць чарадой
Шляхоў знаёмыя таполі,
Пачуеш як трашчыць рака,
Скрыпяць асверы на марозе,
Як пад дугой маладзіка
Пяюць сялянскія палоззя.
І шляху зорнага aгнi
У кожнай у сняжынцы ззяюць
І ў сэрцы, што з далечыні
Па родным сумавала краю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Зіма на бацькаўшчыне - Максiм Танк