Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зіма ў адзіночку не ходзіць

Зіма ў адзіночку не ходзіць –
Сыноў трох з сабою прыводзіць.
З іх кожны – дзяцюк зухаваты
На маму працуе заўзята:
Удала, дакладна, з ахвотай
Зімовую зладзіць работу.

І першы з сыноў – гэта Снежань.
Бялюткім пацешыць вас снегам,
З вачэй вашых выцісне слёзы,
Укусіць за вуха марозам.
Зіму ён заўжды пачынае,
А год каляндарны канчае.

Другі сын Зімы – гэта Студзень.
Уночы ўсе хаты застудзіць –
Так робіць, каб сны адляцелі,
Раней каб вы ўсталі з пасцелі.
Ён – роўна Зіме палавіна,
Пачаць год наступны павінны.

Апошні за Студзенем – Люты.
Пытае: “Ты добра абуты?”
З бяздоннага меха ён снег падсыпае,
Завеямі снежнымі двор замятае.
Бывае ён злы. Але ж колькі злавацца?
Урэшце, з Вясною яму сустракацца!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Зіма ў адзіночку не ходзіць - Пётр Шакола