Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ужо і зіма – убок

Ужо і зіма – убок,
He згледзіш – май ля парогу:
Разматваецца патроху
Жыцця майго клубок.
На хустцы нябёс паяснелых –
Сонца і галубы.
Іду, крутаверцю белаю
Засыпаны да галавы.
О кволы пялёстак чысты
На баразне сухой!
О сцежка! О мячык чыйсьці!
О леташні ліст пад нагой!
О будня шматкаляровасць!
Глядзі не міні, не міні
І град, і касьбу за дуброваю,
I лотаць, і камяні.
На ўсё хачу наглядзецца,
Усё спазнаць – хоць калі:
Касой намахацца, напецца,
Наплакацца на зямлі.
Уперадзе – вецер, вецер,
Сонечная паласа.
Блытаецца да вечара
Вецер у валасах!
Іду я – не збіцца б з тропу.
I горыч, і радасць, дальбог:
Разматваецца патроху
Жыцця майго клубок.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ужо і зіма – убок - Кастусь Цвірка