Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Гарадская зіма

Зорка вісне, нібы залаты арэх,
На з’інелым дроце трамвая.
Так нячутна сёння падае снег –
Быццам белая рысь ступае.
Мне не страшна, мне толькі сябе
шкада,
Адзіноту сваю на свеце –
Гэту пошасць прыносіць заўжды зіма,
Барадой намятае вецер.

Дзень да дня ўсё чужэе народ наўкол,
Падазроней, сквапней, адчайней –
Гэта нашага часу такі закон,
Гэта час халадоў звычайны.

Вось і вуліцы быццам бы людныя,
I да дому ўжо недалёка,
А ніхто не заўважыць – ці плачу я,
Паміраю ці бачу Бога.

А сняжынкі кружляюцца, як у сне,
Непрыкметна, як плач сірочы.
Нібы ўвагаю нашаю
Божы снег
Апаганіць сябе не хоча.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Гарадская зіма - Людміла Рублеўская