Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове




Верш Зіма – дзеля сэрца турма



Зіма – дзеля сэрца турма,
Як быццам для індзейца рэзервацыя душы,
І думак усіх маіх кастрацыя
Нібыта Францыя памерам у Вішы,
А касінерам лёхкіх загадалі: “НЕ дышы!”.
Эмоцыі блукаюць як бамжы,
У галаве нажы і ператрусы,
Усё плыве ў дзіравай лодцы,
Як дзед Мазай і трУсы,
Крычу: “Банзай!” ды толькі ў сне
Бо перасохлі словы ў глотцы,
Сырыя дровы псіхікі маёй,
Дравішкі не гараць, нервішкі
Здохлі па вайне ды вылезлі як кішкі
І бегаюць свіннёй цяпер жалезнай
Ды іржавай у пошуках спаткання
З гурбам ці канавай.
Чакаюць кубка яны з кавай
Каб да вясны краіны правай
Ілюзій уласных, мараў, мрой, чакання,
Не скінуць у лева ў застой.
Апошні бой яшчэ далёка,
Сарока шчэ не скрала вока
Бо лётала таксама ў запой
З усёй птушынай грамадой.
А крама талеры і грошы пазабыла
У танцы з прывіднай ардой
Там толькі дваццаць тысяч на чарніла
Свядомасці, ментальнасці, магіла, дзевяць грам.
Традыцыю пажэрлі вошы,
І асавечаны народ
Забыўшыйся на збіцень, мову, мёд,
Свяшчэнную карову назвалі рубель,
А моцы ўжо няма крычаць: “Го! Мель!”
І я пад лёд нібы курмель,
Свае мазгі схаваўшы ў хмель,
Паехаў у шлях без тармазоў
Чакаць сканчэння маразОў,
Ды мне ў лункі на блясне атруты нехта кінуў карамель
І думкі ў дом прыйшлі адмаразОў.
Там толькі чуткі нібы прастытуткі
Зноў па шашы, па галалёду,
Ідуць, адберуць суткі і свабоду,
ЗагОрнуць у пакункі ды замуруюць у іртуць
Бо гэты снегапад Бастылія
І мат. Ідылія душы
Заснула як смаўжы,
Галоўны мой цяпер камрад –
Адлігі сонечны ўрад.
А зараз фігі круціць мне зіма,
Яна для логікі чума.
Прыйдзе вясна, абудзіць дотыкі цяпла
Для нерваў, пратэрмінОваных кансерваў летаргіі,
Святла прамень уручыць галаве
Каб Тауэр мазгоў
З прылётам першага бусла вясенней літургіі
Пазбавіўся халодных ланцугоў як алергіі
Ды цвілі, што ў ім жыве,
Ну а пакуль разбІлі ў “царкве”
Псіхадэлічна лагер на дрыгве
Вар’яцтва чэрці ў крыві
І знахар бл..цтва смерці,
Але усё роўна ты жыві
Бо будзе думак поўна па вясне,
Дэпрэсія схаваецца ў труне,
А поўня ваўкалацтва
Падорыць храм ляснога брацтва нам,
Ваярскі гонар, красавік,
Бо Чарадзей яшчэ не знік.
Ён да людзей вяртаецца ў сне
Каб мы ўваскрэслі па вясне,
А ворагам нясе праклён.
Лясун, ляснік, вазьмуцца за сякеры,
Касу і дубальтоўкі вОзьмуць касінеры,
Замест лопаты будуць біць рыдлёўкі
І прападзе вусаты нацыі мяснік.
Зноў на дудзе зайграюць волаты і вОўкі,
Крывіцкага Алімпа і Парнаса вернуцца тусоўкі,
Адродзіцца святая раса
Як прыйдуць новыя Міндоўгі.





1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Зіма – дзеля сэрца турма - Алесь Круткін