Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Лета вятрыскам суворым

Лета вятрыскам суворым, вільготным
Кранаецца рэхам паўднёвай вайны.
І тыя, хто быў, маладым і нязгодным —
Ліпень ўсё роўна забраў да пары.

Быццам цівкі, нябесныя кроплі,
Дзідамі б’юць па вачах і душы…
Гінуць і тыя, хто ў д’яблавых зводах
Крочыць ардой пад сцягам чужым.

А на арэлях нябесных палацаў,
Там, дзе вякуе анёлаў святло,
Вагі хістаюцца зорак праклятых,
Зорак Крывавых, як багны віно,

Што скаштавала Зямля неаднойчы,
Смерцю сыноў ад Юдаў з масквы.
Ліпень з Усходу шалёна рагоча
Новым павевам старое арды.
………………………………….
Недзе ў прасторах, бясконца далёкіх,
Недзе у грудзях матуль і бацькоў
Чуецца шэпат апошні, трывожны:
“Даруйце, што я навечна сыйшоў”…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Лета вятрыскам суворым - Павел Гаспадыніч