Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Філасофія мамы

Мама мая на свеце
Ўсю сваю веснавую пару
Жыла не па-юліянскаму,
Не па-грыгарыянскаму-
Па народнаму вечнаму
Сонечнаму календару.
Да зорак у госці хадзіла,
Калі хто пагубляе кароў.
І ўсю вёску без лекаў лячыла
Найлепшая са знахароў.
Знала, калі трэба сеяць.
І квасіць капусту у час.
Як у нястачы лілеяць,
На ногі паставіць нас.
Аднаго толькі не разумела
Ахвярніца зорак і неба:
Як сябе ў нястачы згалелай
Шкадаваць, ратавацца трэба.
Бо, як конік стары, сцяганы,
З балота насіла вязкі.
І разам са мной старанна
У плуг упрагаліся цяжкі.
За пяцярых мужчынаў
Цягалі на ферме цэбры-
Такім уцякала чынам
Маладосць у асьці і зрэб’і.
Спачываеш пад цёплай хвояй…
А ў мяне ўрос твой цяжкі крыж.
Чаму ж з горкай, скупой слязою
У вачах ты маіх стаіш?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Філасофія мамы - Ніна Аксёнчык