Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Валуны

Дзеці жвірыстых выдмаў –
Валуны і каменне, –
Ледавік вас раскідваў
Падталаю жменяй.

Цар над мацерыкамі,
Тут ён гнёт супакоіў,
Бо зямля ў нас такая
I сонца такое.

Там, дзе ляда і поле, –
Гор краменісты высеў, –
Як нядоля і доля,
Вы з намі зрасліся.

У лясах воі з коп’ямі
Вам таемна маліліся.
Вас клялі і выкопвалі,
Дзе нарогі тупіліся.

Вас кувалдамі сваталі,
Вас цягалі да крушняў,
Вы ў падмурках пад хатамі
Лежыцё непарушна.

Клалі вас у аснову
I да злыдняў прылічвалі, –
Валуны – нашай мовы
Зацвярдзелыя зычныя.

Кунакі вы Эльбрусу,
Хоць з паўночнае пашы, –
Вы душой – беларусы,
Вы з характарам нашым!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Валуны - Васіль Зуёнак