Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Урок паўтарэння

Зноў лічэбнік… Жывым і мёртвым –
Паўтарэння зададзены ўрок…
Паўтараем: “кожны чацвёрты…”
I – “чацвёрты энергаблок…”.

Паўтараем… Настаўнік Чарнобыль
Нагадаў, нібы назнарок:
Той – чацвёрты – ваеннай пробы
I – чацвёрты – энергаблок…

У палях, на лугах, на прысадах –
Нібы водгук на кожны крок –
Рэха чорнай атамнай здрады…
I – чацвёрты энергаблок.

Ha ўзбалотку гараць журавіны,
Баравік залез на грудок,
А ў вачах – туман з Украіны…
I – чацвёрты энергаблок…

I глядзіць – у чырвоных пражылках –
Склератычным тварам лісток,
Што скідае клён на сцяжынку…
I – чацвёрты энергаблок.

Чуюць Хойнікі, чуе Брагін
Жураўліны крык ля аблок:
Hi расінкі – адолець смагу…
I – чацвёрты энергаблок.

Як прадвесце сусветнай пустэчы,
Як Зямлі патушаны зрок, –
Гэты з цёмнымі хатамі вечар…
I – чацвёрты энергаблок…

Крочыць здань на хадулях ракетных…
Просіць свет надзеі глыток…
Б’юць у звон Чарнобыля ветры
I – чацвёрты энергаблок.

Ён гукае: устаньце, людзі,
Каб адолець ядзерны змрок,
Бо інакш – не жыццё ў нас будзе,
А чацвёрты энергаблок…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Урок паўтарэння - Васіль Зуёнак