Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Цень белых крылаў

Нібы ўчора яшчэ над жытамі плыла
Лёгкім ветразем белым хусцінка –
Гэта маці пад вечар ішла да сяла
Напрасткі палявою сцяжынкай.
Я чакаў, калі схіліць яна да каша
За вайну пасівеўшыя скроні,
І скрынкай бязмежнага шчасця ляжаў
Зайцаў хлеб на дзіцячай далоні.
Час ішоў, пакідалі мы родны парог,
І з гарачай малітваю маці
Нам у Бога прасіла шчаслівых дарог,
У самотнай застаўшыся хаце.
Зноў успомніў я матчын тужлівы пагляд,
Калі ўбачыў на ўласныя вочы:
Аддала маладзіца сваіх птушанят
У казённы прытулак сірочы.
Як душой мне спасцігнуць учынак такі?
Вось амаль ужо тры пакаленні
І гарматы маўчаць, і жывыя бацькі,
А сірот не становіцца меней.
Белых крылаў над хатамі кружыцца цень…
Што ж ты гэткі падатлівы, бусел?
Не насі немаўлят да бяздушных людзей-
Колькі добрых яшчэ ў Беларусі!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Цень белых крылаў - Мікола Пацяюк