Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Малалеткі

Мы ж дзеці

Між дзён і начэй
нібы між ног дарослых на танцплашчадцы
фарбуем твары быццам пасхальныя яйкі
падсоўваем ў рот адно аднаму
ў чырвоных канвертах
сваіх языкоў
хабар

Мы ж дзеці
нам што сімбад мараход
што алах акбар

Ў бога няверуючыя але шчыра ўдзячныя
хрысту за ягоную кроў
і кожны з нас гатоў
плаціць за яе вялікія грошы

Мы ж дзеці
што можа быць горш
такога жыцця як у нас і ў кіно не пабачыш

І лета – нашая таўстазадая нянька
нас укарміла сваім салодкім трафік джэмам
у жаралах гарадоў пра якія мы кажам
выключна “на Вы і шепотом”

Мы ж дзеці
мы цукар зямлі

І гэта толькі ад святла светлафораў
мы здаемся зялёнымі
але пабачыш як праз хвіліну
светлафоры раздзяруць свае грудзі
і выставяць чырвоныя сэрцы

Таму што мы дзеці
малалетнія людзі

І мы ляцім на ўсіх самалётах
і ўсе самалёты ляцяць да мінска
таму што мы дзеці
і маем права на горад дзяцінства

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Малалеткі - Вальжына Морт