Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рэверсі

Рэверсі

…праўда – тое, чым лупяць па твары, нібыта анучай.
праўда – рэклямны тавар, які надакучвае.
Віталь Рыжкоў

Меч, скіраваны ў сэрца, важна паспець адбіць,
хоць адзіны раз, ці хаця б памкнуцца гэта зрабіць,
але сэрцам шануючы кодэкс гонару, як Статут.
А інакш – ну навошта мы сёння знаходзімся тут?

Шмат каму падаецца, што праўда й мана – з аднаго сасуда,
як Хрыстос і Юда (адсюль і Евангелле тое ад Юды).
А лягчэй патлумачыць свой лёс, зазіраючы пад спадніцу,
каб не ўпасці ў вачах, як даўнейшы юдэй, калі камень шпурляў у блудніцу.

Ну, а што, калі свет геніяльна прасцей, чым галоўцы “прасунутай”
можа падацца, –
раз мана карыстаецца праўдай, якой немажліва маной cкарыстацца?
Для нябёсаў у гэтым пытанні непрымальныя іншыя версіі,
а інакш пачынаецца тая ж зямная гульня ў рэверсі,

Якую прыдумалі значна пазней шатранджа, але й не мы.
Для гэтага досыць Мані пастараўся ў свой час, бо не быў нямы.
Праўда ў твар – не тавар – ратаванне, сатканае з болю і мук.
І яе не адмыць ад смуроду лайна, калі выслізне з рук.

У зямным марафоне маны і праўды, якія адбіткамі ў кожным,
яшчэ не фініш, дасць Бог – пабачым,
Хто смяецца апошнім…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Рэверсі - Мікола Кандратаў