Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Слухай, любы, гэта праўда

Слухай, любы, гэта праўда,
Гэта праўда, не мана:
Апазіцыя каханню
Прада мною, як сцяна.

Не паверыш, я хадзіла
Так і гэтак акурат
I нікога не зманіла
У нішчымны свой атрад.

“Супраць” кожны. Тэарэма,
Праўда, ў кожнага свая,
Але вывад – толькі схема,
Каб цябе забыла я.

Ну ніхто, ніхто не згодзен,
Ні сяброўкі, ні радня,
Я ім нешта пра пачуцці,
А яны – сядлаць каня.

I катаюцца на гэтым
Сівым коніку сваім,
Дэкларуючы з імпэтам,
Што каханне – проста дым.

Недавольна нават мама,
Не пускае на парог.
Але ж ты… I ты? Таксама?
Ты? Каханы? Як ты мог!

Ты таксама разам з імі
Акапаўся. Добра, што ж!
Прыйдзе час, да Пана Бога
Я падамся басанож,

Запытаюся гаротна
Пасля гэтага ўсяго:
“За які мне грэх смяротны
Пакахаць было яго?”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Слухай, любы, гэта праўда - Вольга Ласаева