Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Слухай ноч

Слухай ноч,
працятую аглушальнаю цішаю,
слухай, як напінаецца ціш,
выштурхоўвае нас з сябе, –
туды, дзе прарастае з нябыту,
нараджаецца, вышае,
уздымаецца над прасцягамі,
уразаецца ў сэрца глыбей
нешта, што ёсць невымоўнае,
неспазнанае, поўнае
жуды, трымцення смяротнага,
прагі жыцця,
нешта таемнае, роспачнае, малітоўнае,
даверлівае і кволае,
святое, нібы дзіця…
Слухай ноч, слухай ноч,
ашалелую, агаломшаную
тысячамі нябачных маланак,
пасланых звыш.
Нешта вечнае – там,
яно большае, большае,
захінае сабою Сусвет
і пераўтвараецца ў ціш.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Слухай ноч - Янка Лайкоў