Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Успаміны пад язмінам

Калі язмін у пачатку лета
Квітнець пад вокнамі пачне,
Кранае водар гэтых кветак
Салодкім болем сэрца мне.
З пяшчотай тонкаю язміна,
Што белай пенай закіпіць,
У край цудоўных успамінаў
Істота ўся твая ляціць.
У край той сонечны, без хмараў
Падману, здрадніцтва, ілжы,
Дзе я сустрэў дзяўчынку-мару,
З якой у думках толькі жыў.
Лячу ў той край з замілаваннем,
Каб зноў цуд-шчасце перажыць,
Дзе першай зоркаю кахання
Заззяла ты ў маёй душы.
Духмяны той язміна водар
Мой лёс навек з табой спавіў,
Дзе я кахання асалоду
З нявінных вуснаў зоркі піў.
Я з той пары салодка-горкай
Кахаў жанчын разоў мо сто,
Але ж маю кахання зорку
Зацьміць не змог яшчэ ніхто.
Хоць раб я чар жанчын, у ахвяру
Аддаў бы з “Міс Сусвету” шлюб
За цуд адзін – з дзяўчынкай-марай,
За пацалунак чулых губ.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Успаміны пад язмінам - Рыгор Жук