Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш З той пары

З той пары,
Як ты мне падарыла
Маленькае сонца – дачку,
Параўноўваць цябе
Мне хацелася з нівай жывою,
Што адведзена
Мне аднаму на вяку…
З той пары
Не ўяўляешся ты мне другою.

З той пары
Увесь свет мне далёка відзён.
Што зрабіць, каб з вачэй ты маіх
Не знікала ніколі?
Я хачу,
Каб ад першых
Да самых заходзячых дзён
Ты чакала мяне,
Як чакае дажджу
Перасмяглае поле.

З той пары
Адна думка
Стаіць у маёй галаве.
З той пары і навек
Застануся з той думкай у згодзе:
Мне б глядзець і глядзець,
Як маленькае сонца
Над плоднаю нівай плыве,
I ніколі б не ўбачыць,
Як гэтае сонца заходзіць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш З той пары - Юрась Свiрка