Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кропля сіняя за кропляй

Кропля сіняя за кропляй,
Дождж цыганскі ў дрэвы б’е.
Пад вільготнай сліўняй крохкай
Зяблік з следу сонца п’е.
Зяблік ранішне-ружовы
Паказаў сцяжынку мне,
Дзе цурчэлі нашы словы
I світанак палымнеў.
Потым быў адчай растання,
Холад рук, і холад слоў.
I асмужанае ранне,
I апошні кліч буслоў.
I калі дажджы цабаняць
Па страсе ў вячэрні час,
Ты ў маю ўплываеш памяць,
Хоць жыццё не лучыць нас.
Ты і я. I вір між намі.
Прорва цёмная імглы.
А былі ж мы вешчунамі,
I наіўнымі былі.
Кропля сіняя за кропляй…
Фенікс, з попелу ўстань!
Зяблік мой ружовай кропкай
Працінаў сівую рань.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Кропля сіняя за кропляй - Людміла Забалоцкая