Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Суседка

Кавалачак скарынкі
Засунеш за шчаку,
З суседчынай дзяўчынкай
Імчышся на раку.

Пад вейкамі – азерцы,
Пачатак першых мук.
I коле рэўнасць сэрца:
“А дзе Янук?”

Луг свеціцца ад зорак –
Вясёлая раса.
Вымай хутчэй сцізорык,
Вудзільна выразай.

Тут акуні і плоткі
I ціхая лаза.
Аеру сок салодкі
На халадку ляза.

I хочацца дзяўчынцы
На памяць падарыць
Расінку на травінцы,
Агарачак зары…

Пяць год рыпелі весніцы,
А сэрцу ўсё цяжэй…
Хадзі ка мне, равесніца,
Бліжэй, бліжэй…

I што са мною сталася!
Ад гэтых вачанят
Мне і цяпер, у сталасці,
Ніяк не ачуняць.

Усё баліць, не гоіцца
Той самы першы боль,
I успаміны гоняцца
Усюды за табой.

I ўсё наскрозь прасвечана
Да дна, да дна.
I ўсім жыццё засведчана,
Што ты была адна.

Хоць зноў бяжы да веснічкаў
Шапчы: “Адтай, адтай!
I шчасця хоць давесачак
Аддай, аддай…”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Суседка - Пiмен Панчанка