Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прыходзь!

Апошнім часам, па вясне,
Чакаю ўсё часцей,
Калі салоўка распачне
Свой спеў – чысцей, чысцей!

І ненарокам падштурхне
Ўспамін пра маладосць,
Калі мурашкі па спіне,
Ад пацалунка – млосць.

А памяць – скнара пры казне,
Напэўна, з варажэй –
Шчыруе зелле ў чыгуне,
Падкідвае дражджэй.

І вось аднойчы палыхне
Забытае стакроць:
“Прыходзь увечар да мяне,
Бацькоў няма – прыходзь!..”

Вясна пяшчотай ахіне.
Каторая з начэй
Да ранку вочы не самкне.
Прыпомніцца ярчэй…

Паўмесяц, быццам у паўсне,
Сузор’яў пазалоць.
Шалеў салоўка пры гумне
І вар’яцела плоць.

Агеньчык – знічкаю на дне
Збянтэжаных вачэй,
І шэпт у травеньскім акне:
“Хадзі ка мне хутчэй!..”

Я зноў у месячным чаўне
Вандрую ў тую ноч.
У першароднай белізне
Квітнеюць дрэвы ўзбоч…

Хоць сёння скроні ў сівізне,
Мінулае бліжэй.
Як тая вытрымка ў віне,
З гадамі – даражэй.

Усё калісьці праміне –
Не ўхопіш за аброць.
Прыходзь, каханне, да мяне,
Ну хоць у сне – прыходзь!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Прыходзь! - Георгій Ліхтаровіч