Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш У заробкі

У заробкі

Папрасіла: звані, не маўчы,
Бо спакой так нялёгка даецца.
Удалячынь хоць глядзі, хоць крычы,
Толькі з рытму збіваецца сэрца.

А няшчасце нядоўга ўявіць,
Бо зусім неспакойна ў свеце.
Каб хутчэй ужо змог пазваніць,
Папытаў, ці ўсё добра, як дзеці.

З мужам-сын. І сумуе па ім,
І трывожыцца матчына сэрца.
Расказаў бы, як ім там дваім?
Можа, час непакою мінецца.

Дачакацца б дамоў хутчэй вас.
Не з дабра ў Маскву падаліся.
Што рабіць, надышоў такі час,
На крыло ўжо дзеці ўзняліся.

Ды няма працы ім і бацькам.
Калі ёсць, дык малая аплата.
И шукаюць работу рукам
Маладыя ў Расіі рабяты.

Хтосьці хоча машыну купіць,
У іншых з хатай не ўсё яшчэ гладка.
Едуць грошай сабе зарабіць,
Каб і жонку адзець і дзіцятка.

Дні ляцяць і ляцяць-не злічыць,
Колькі сем’яў яшчэ паасобку!
Тэлефон жа маўчыць і маўчыць.
Не хацеў бы таго і заробку.

У далячынь хоць глядзі, хоць крычы…
Адна просьба: звані, не маўчы.

2002 г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш У заробкі - Ніна Кавальчук