Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ноч маладзіка

Над Случчынаю – ноч маладзіка…
Трапечуць зоркі у рачных затонах…
Грываста луг перажагнаюць коні…
Лілеямі успенена рака…
Над Случчынаю – ноч маладзіка.

Туман змывае клёны і платы…
Мяжа злучае постаці каханых…
А над зямлёй, у воблачка убраны,
Усходзіць важна месяц малады.

Ад вуснаў загараецца шчака,
Пяшчота рук мне ахінае шыю…
Каханая… Багі мае зямныя
He ведаюць, як я цябе чакаў
У дзіўны час, у ноч маладзіка!

Салоўка чуйны сцішыўся на міг…
Мы удваіх пад зоркамі Сусвету…
Тваіх грудзей даспелыя ранеты
Далоняў дакранаюцца маіх…
Салоўка чуйны сцішыўся на міг…

Ад слоў тваіх хмялее галава:
“Каханы мой, ты для мяне – навекі,
У асалодзе мружацца павекі…
I нас прымае вобмацкам трава…

Няхай з табою знікнем у вяках…
На могілках вянкі павыгараюць…
Дзве постаці сустрэнуцца ля гаю,
Ў тумане белым, да рукі – рука,
У дзіўны час, у ноч маладзіка…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Ноч маладзіка - Кастусь Цыбульскі