Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Свет блакітна-ружова-зялёны

Свет блакітна-ружова-зялёны,
Ды ўсё меней у сталасці свят.
Паглядзець бы мне ў час заімглёны,
Як з арбіты глядзіць касманаўт.

Перад часам, калі расставацца
З родным долам, з гушчарам людскім,
Я хачу хоць здаля прывітацца
З тым нябачным патомкам маім.

У вачах будзе сіняе неба
Ці смуга палявой нематы?
Усё ад нас. Зберагчы сёння трэба
Больш святла, цеплыні, дабраты.

Касманаўты бяруць у кабіну
Толькі тое, што дорага ўсім.
Груз няўдач і памылак пакіну
На мяжы – лістападам сухім.

Хай маланка вясёлая спаліць,
Ліўні выметуць пад сіняву.
Не хацеў бы нічым я запляміць
Вас, патомкі, ў якіх ажыву.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Свет блакітна-ружова-зялёны - Аляксей Пысін