Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вятры мае

Вятры мае,
Сябры мае!

Шуміце, вейце на ўсю сілу,
Каб толькі гул,
Каб толькі свіст;
Зрывайце шэрасць з небасхілу,
Змятайце з дрэў пажоўклы ліст,

Каб больш было ў вачах блакіту,
Каб насцеж свет – пад скразняком;
А я насустрач лавам выйду
He флюгерам, не ветраком.

Няхай на катарзе бяссоннай
Былое мелюць ветракі, –
Хачу адчуць, як дышуць сёння
Скуластыя мацерыкі.

Па ўсіх,
Па ўсіх шляхах хадзілі
Са мной вы, добрыя вятры,
Раздзьмухваючы не кадзілы,
He самавары, а кастры.

Кастроў і лісцяў калыханне,
Наплыў азёрнай сінявы…
Маё апошняе дыханне
З сабою панясіце вы,

Вятры мае,
Сябры мае!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вятры мае - Аляксей Пысін