Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Засынае ноч

Засынае ноч. За акном вятры
заплятаюць акно заінелым.
Месяц белым віном апаіў яры,
асыпае ўсё белым…
белым…
У пакойчыку ты са мной адна.
Цемра снежная грукае ў дзверы.
Я кажу, што ўжо хутка надыдзе вясна.
Я кажу, ну а ты не верыш…
Не чакай мяне, бо я снегу – брат.
Я народжаны ў студзеньскім сне.
Як вайны невядомай забыты салдат
я травою ўзыду па вясне.
Пракладзе мне дарогу паўночны звер,
і калінай чырвонай – сляды.
Я кахаю цябе… толькі лепш не вер,
ты не вер, каб не клікаць бяды…
Зразумей, кожны мае пачатак свой
і для рознага створаны мы :
ты – захоўваць у хаце цяпло зімой.
Я – твой дом берагчы ад зімы…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Засынае ноч - Ксенія Валенда