Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паўночны

Мой час і край – маё мяно.
Я свой, я звыклы, я паўночны.
Паветра мерзлага віно
У келіх цемры лью сьвяточна.

Ня ў сытай цеплыні б сатлець
І не чакаць дурной пагоды –
І ў ценяў гушчы, і ў сьвятле
Душа шукае прахалоду –

Ня холад крохкіх ледзяшоў,
Але ж быцьця шчымлівы дотык…
Нашто, куды, адкуль я йшоў –
Ня так цікавіць ідыёта,

Як піць, зьмяшаўшы са сьлязой,
Віно паўночнага дыханьня,
Адчуць, як вецер, бы лязо,
Гуляе з шыяй хмельным раньнем.

…Калі ж упоперак храбта
Спаймаю ўдар быцьця апошні,
Паўночны папяловы птах
Пад неба ў кіпцях асьцярожна

Зьнясе мой прах.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Паўночны - Аляксей Карпенка