Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гуляе непагадзь

Гуляе непагадзь.
Мой горад у аблозе.
О, рэчаіснасць! –
Прывідная небыль.
Гуляе непагадзь
на роспачным парозе,
і бровы-хмары
ссунуты ў пагрозе,
маланкай пашчу
разяўляе неба.
Гуляе непагадзь.
Ну што ж!
I я ахвоча!
Кранем з вятрыскам
струны дажджавыя!
А пустабрэх-пярун
ужо ракоча,
нібыта за спіной маёй
рагоча,
а струны адгукаюцца –
жывыя!
Ім падпявае
дыскант ручая,
басамі –
вадасцёкавыя трубы.
Вачамі ў вочы –
непагадзь і я
за крок ад прасвятлення
і ад згубы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Гуляе непагадзь - Людміла Паўлікава