Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сам-насам з Восенню

Пані Восень, што са мной вы робіце?
Сталасць помсціць маладым гадам.
Божа мой — і гэта мне не мроіцца —
Салаўі ў кастрычніцкіх садах!
То не дождж пяе і звонка цохкае
І не спіўся я ў піўным шынку,
Хоць Радзіма — як дзіцё сіроцкае
І чужынцы кпяць з яе пакуль…

Можа, хтось скланіраваў каханне?
Ох, даўно такога не было:
Нібы ўпершыню абняў жаданую
І адчуў дзявочае цяпло!
То не слота грэе ўжо душу знямоглую
І не здолеў розум я прапіць,
Хоць Радзіма — як жабрачка з торбаю,
Хочацца ёй за чужынцам жыць.

Не жабрак я, не трываю кпінаў,
Маці быць не можа сіратой…
Пані Восень,
Станьце мне Радзімай —
Будзеце заступніцай маёй!
То не слота грэе ўжо душу знямоглую,
То не дождж пяе і звонка цохкае:
Салаўі ў кастрычніцкіх садах!..
…Сталасць помсціць маладым гадам.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Сам-насам з Восенню - Лявон Неўдах